ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ БЕЛАРУСІ
Назве Смаргонь папярэднічалі наступныя назвы: Мядзведжая акадэмія, Мёртвы горад, Бастыён смерці. Але мы пагаворым аб сённяшняй назве горада – Смаргонь. Прапануем Вам некалькі легенд.
Легенда першая.
У старажытныя часы вакол Смаргоні раслі дрымучыя лясы. Людзі навучыліся вырошчваць жыта і пшаніцу, але зямля, у асноўным, была пад лесам. Тады сталі раскарчоўваць лес і выкарыстоўваць гэтую зямлю пад пасевы.
Вечарамі, стомленыя, вярталіся жыхары сем’ямі дадому, садзіліся на “бервяно” /лаўку/ ля хаты і вялі гутарку сусед з суседам. Кожнаму хацелася ведаць, колькі адваяваў ад лесу зямлі сусед, які надзел.
Сусед, у сям’і якога было тры-чатыры сыны, гаварыў, што яны апрацавалі надзел велічынёй з “морг” – гэта 1/3 дзесяціны. А той сусед, у якога ў сям’і былі дочкі, сілы было менш, гаварыў, што яны апрацавалі толькі “гоні”, гэта значна менш чым “морг”.
Праезджыя, прабіраючыся праз дрымучы навакольны лес, гаварылі, што ехалі ў напрамку на “морг”, а іншыя выбіралі шлях у напрамку на “гоні”. Адсюль і пайшла назва – Смаргоні.
Легенда другая.
Яна распавядае: калі высякалі лес, заставалася шмат пнёў. Прылады працы тады былі прымітыўныя і імі цяжка было весці раскарчоўку, таму людзі спальвалі пні, а на месцы раскарчовак сталі ўзнікаць смалакурні – прадпрыемствы, дзе з пнёвага асмолу гналі смалу, шкіпінар, дзёгаць. У жывой народнай мове захаваліся назвы для дзёгцю: смара, шмар. Калі людзі ехалі ў гэтыя мясціны, дзе былі смалакурні, то пыталіся адзін другога: “Куды ты едзеш?” – “Ды туды, дзе смару гоняць”. Вось адсюль і пайшло: на Смаргоні, у Смаргонь (еду).
Такім чынам, у выніку працоўнай дзейнасці людзей узяла пачатак назва горада Смаргонь, у старажытнасці – паселішча.
Легенда трэцяя.
З’явілася ў ХVII стагодзі і звязана яна з паляваннем на мядзведзяў, калі багатыя паны Радзівілы за ўдалае паляванне ўзнагароджвалі зямлёй: каму “морг”, а каму – “гоні”.
Але Смаргонь ужо была вядома ў пісьмовых крыніцах у ХVI стагодзі, з часоў Люблінскай уніі. Таму першыя дзве легенды аб паходжанні Смаргоні больш праўдападобныя.
Мядзведжая акадэмія – назва-сінонім, ад промыслу лавіць і дрэсіраваць мядзведзяў.
Мёртвы горад – у гады першай сусветнай вайны г.Смаргонь быў разбураны і спалены.
“Бастыён смерці” – так называлі пазіцыі польскіх легіянераў, што размяшчаліся ў былых нямецкіх бетонных дотах у раёне Перавесся пад Смаргонню летам 1920г., якія штурмаваў Ян Фабрыцыус.
Комментариев нет:
Отправить комментарий